ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ

(ЗБВБ),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т.л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.Асіповіч (1953, 1955), П.Навара (1954, 1957, 1966—70), У.Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.Здановіч (1995—96), В.Еўдакімаў (з 1996), Л.Міхалюк (з 1997) і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)